АБАРО́НА ГО́НАРУ І ГО́ДНАСЦІ,

адна з формаў судовай аховы правоў фізічных і юрыд. асоб. Грамадзянін або юрыд. асоба маюць права патрабаваць праз суд абвяржэння недаказаных звестак, якія ганьбяць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Ганебныя звесткі, распаўсюджаныя ў сродках масавай інфармацыі, абвяргаюцца там жа. Дакумент, які зыходзіць ад юрыд. асобы і змяшчае ганебныя звесткі, падлягае адмене. Інш. выпадкі разглядаюцца судом. Маральная (немаёмасная) шкода кампенсуецца, памер яе вызначаецца судом.

т. 1, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)